ХАРАКТАРЫСТЫКА ФІЗІЧНАГА І ПСІХІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗІЦЯЦІ ПЯТАГА ГОДА ЖЫЦЦЯ
Фізічнае развіццё. На пятым годзе жыцця адбываецца далейшае фізічнае развіццё выхаванцаў. Маса цела дзіцяці павялічваецца за год у сярэднім на 1,5—2,0 кг, даўжыня цела — на 6—7 см. К пяці гадам рост дзяцей дасягае 104—116 см, маса цела — 16,5—20,4 кг.
Павялічваецца актыўнасць выхаванца, узмацняецца яе мэтанакіраванасць. Патрэбнасць дзіцяці ў руху цесна пераплятаецца з патрэбнасцю ў зносінах у сумеснай гульнявой і іншых відах дзіцячай дзейнасці. Дзіця гэтага ўзросту валодае ўсімі відамі рухаў, імкнецца па-рознаму іх аб’ядноўваць, жадае выпрабаваць свае сілы ў больш складаных і новых відах фізічных практыкаванняў.
Дзеці пятага года жыцця адрозніваюцца высокай рухальнай актыўнасцю.
Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё. Узрост пяці гадоў з’яўляецца важным перыядам у развіцці пазнавальнай, інтэлектуальнай і асобаснай сфер дзіцяці. Яго можна назваць базавым узростам, калі закладваюцца шматлікія асобасныя аспекты, фарміруецца «Я-пазіцыя», асабістая свядомасць (самаацэнка). Дзіця пачынае ўсведамляць сваё месца ў сістэме адносін з дарослымі, ацэньваць свае асобасныя якасці: добры, злы і да т. п.
Узаемаадносіны дзіцяці з іншымі дзецьмі засноўваюцца на больш трывалых узаемных прыхільнасцях, характарызуюцца большай устойлівасцю. Тыпова ўзнікненне невялікіх груп дзяцей (2—3 дзіцяці), якія адчуваюць адзін да аднаго сімпатыю і ўвесь час гуляюць разам. У той жа час дзеці становяцца больш крытычнымі ў ацэнцы аднагодкаў. Разам з умацаваннем сяброўскіх адносін паміж асобнымі выхаванцамі ўзнікае прыхільнасць да сваёй групы, складаюцца простыя формы групавой салідарнасці. Фарміруецца імкненне быць карысным дарослым, якія акружаюць, дружалюбныя адносіны да аднагодкаў, уменне гуляць і займацца разам.
Гарманізуюцца адносіны з дарослымі. У дзяцей адзначаецца павышаная патрэбнасць у любові, пяшчоце з боку бацькоў, развіваецца пачуццё любові, прыхільнасці да іх. Паступова фарміруецца пачуццё адказнасці за даручаную справу, уменне падпарадкоўваць свае жаданні патрабаванням дарослых, задумам дзіцячага калектыву.
На пятым годзе жыцця дзеці паступова авалодваюць эмоцыямі, якія ўзнікаюць пад уплывам пэўнай сітуацыі. Яны пачынаюць стрымліваць пачуцці і карыстацца агульнапрынятымі формамі іх выражэння (жэстам, позай, рухам, позіркам, мімікай, інтанацыяй голасу).
Дзеці ахвотна выконваюць працоўныя даручэнні, дапамагаюць дарослым. Пры гэтым асаблівую прывабнасць маюць гульнявыя матывы, якія выхавальнік умела выкарыстоўвае для дасягнення дзецьмі вынікаў у працы. Разнастайней і багацей становяцца змест і формы дзіцячай дзейнасці. Паступова ўдасканальваюцца здольнасці гуляць, маляваць, будаваць па ўласнай задуме. Сярод гульняў вядучае месца пачынае займаць сюжэтна-ролевая гульня з нескладаным сюжэтам і невялікай колькасцю ігракоў. Зместам гульняў з’яўляюцца яркія дзіцячыя ўражанні, уяўленні пра навакольны свет.
Пазнавальнае развіццё. У гэтым узросце дзіця асвойвае прыёмы актыўнага пазнання ўласцівасцей прадметаў шляхам вымярэння, параўнання спосабам накладання, прыкладання прадметаў адзін да аднаго і да т. п. У працэсе пазнання дзіця знаёміцца з рознымі ўласцівасцямі навакольнага свету. Яно вучыцца ўспрымаць іх праяўленні, адрозніваць адценні і асаблівасці, асвойвае спосабы выражэння, запамінае назвы. У гэты перыяд выхаванцы асвойваюць уяўленні пра асноўныя геаметрычныя фігуры, колеравы спектр, параметры велічыні (даўжыні, шырыні, вышыні, таўшчыні), прасторы, часу, пра спецыяльныя ўласцівасці прадметаў і з’яў (гук, смак, пах, тэмпература, якасць паверхні і інш.). Яны ўспрымаюць велічыню аб’ектаў, лёгка выстройваюць у рад — па нарастанні ці спаданні, аднак могуць адчуваць цяжкасці пры аналізе прасторавага становішча аб’ектаў, калі сутыкаюцца з неадпаведнасцю формы і іх прасторавага размяшчэння.
Павялічваецца ўстойлівасць увагі. Дзіця здольна засяроджваць увагу на выкананні пэўнай дзейнасці на працягу 15—20 мін. Аб’ём памяці паступова павялічваецца, і дзіця пятага года жыцця больш выразна і дакладна аднаўляе тое, што запомніла.
Развіваецца мысленне: побач з абагульненнем па знешніх прыметах выхаванцы пачынаюць вылучаць больш істотныя прыметы прадметаў, групаваць іх па якасці, матэрыяле, прызначэнні. Яны могуць абагульняць паняцці, якія адносяцца да наступных катэгорый: садавіна, агародніна, адзенне, абутак, мэбля, посуд, транспарт і інш. У дзяцей пераважае наглядна-вобразнае мысленне, фарміруюцца разнастайныя канкрэтныя ўяўленні.
Працягвае развівацца фантазія. Фарміруюцца такія яго асаблівасці, як арыгінальнасць і адвольнасць. Дзеці могуць самастойна прыдумаць невялікую казку.
Маўленчае развіццё. Працягвае актыўна развівацца маўленне. Павялічваецца запас слоў, удасканальваецца граматычны бок маўлення і звязнае маўленне. Свае думкі выхаванцы выражаюць закончанымі сказамі, зразумелымі для акружаючых. З задавальненнем пераказваюць знаёмыя казкі, невялікія апавяданні, складаюць апавяданні-апісанні, называючы найбольш характэрныя прыметы цацкі, адзення, жывёл і іншых вывучаемых аб’ектаў. Развіваецца галасавы апарат, маўленчы слых, фанематычнае ўспрыманне, маўленчае дыханне, што спрыяе фарміраванню правільнага гукавымаўлення дзяцей.
Эстэтычнае развіццё. Ускладненне зместу пазнавальнай практычнай дзейнасці аказвае значны ўплыў на развіццё выяўленчай дзейнасці выхаванцаў. Свае ўяўленні пра навакольны свет дзеці імкнуцца перадаць у малюнку, лепцы, аплікацыі. Пяць гадоў — узрост найбольш актыўнага малявання. Малюнкі выхаванцаў могуць быць самымі рознымі па змесце: гэта і жыццёвыя ўражанні, і ўяўныя сітуацыі, і ілюстрацыі да фільмаў і кніг.
Развіваюцца канструктыўныя здольнасці выхаванцаў у працэсе канструявання з будаўнічага, прыроднага, непрыдатнага матэрыялу, паперы.
Развіваюцца эстэтычныя пачуцці, фарміруецца здольнасць адгукацца на вобразны змест мастацкага твора, карціны, ілюстрацыі, ярка праяўляюцца адносіны да дзеючага персанажа. Выхаванцы здольны ўлавіць найбольш яркія выразныя сродкі, гукавышынны і рытмічны малюнак мелодыі, тэмбр музычных інструментаў. Пазнаюць і запамінаюць песні, вершы, казкі і г. д.