Дашкольнае дзяцінства – залатая пара ў жыцці кожнага чалавека і, разам з тым, вялікі і адказны перыяд псіхічнага і інтэлектуальнага развіцця асобы. Менавіта ў гэтым узросце найбольш інтэнсіўна развіваюцца ўсе псіхічныя функцыі, фарміруецца здольнасць да складаных відаў дзейнасці, закладваецца агульны фундамент пазнавальных здольнасцей.
Гэта самы спрыяльны час для выяўлення і развіцця патэнцыяльных задаткаў у дзіцяці, закладзеных прыродай.
Калі мы зразумеем, што з’яўляецца асабліва важным для фарміравання здольнасцей дзіцяці, яго пачуццяў, умення думаць, то здолеем дапамагчы яму ўвайсці ў свет творчасці, фантазіі, уяўленняў, даць магчымасць для найбольш поўнага развіцця дзіцяці.
Адным з важных шляхоў творчага пазнавання рэчаіснасці з’яшляецца казка. Народныя казкі – найбагацейшы скарб, у іх увасоблены мудрасць, мастацкі талент народа, глыбокі розум чалавека над жыццём, яго вопыт, назіранні за навакольнымі з’явамі. Казка ўзнаўляе даўно забыты час і падзеі, страчаныя ў памяці народа, своесаблівы каларыт часу і жыцця. Менавіта праз казку дзеці дакранаюцца да жыцця, культуры, побыту нашых продкаў.
Казка дае маленькаму чалавеку ўрокі патрыятызму і маралі. Усім сваім паэтычным ладам яна вучыць разумець народнае ўяўленне пра добрае і злое, высокае і нізкае, сумленнае і агіднае, гуманнае і жорсткае. Яна садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма высакароднасць душы, суперажыванне, сардэчная чуласць да чалавечага гора, пакут. Яна ўмацоўвае ў дзяцей жыццялюбства, аптымізм, вучыць іх марыць, развівае ўяўленне, будзіць творчыя здольнасці. Дзякуючы казцы дзеці пазнаюць свет не толькі розумам, але і сэрцам.
Патрабуецца інтэнсіўная душэўная праца дзіцяці, каб здолець пайсці за ўяўленнямі казачніка, развіваючы і фарміруючы свет уласных уяўленняў, пашыраючы свае веды аб навакольным асяроддзі. І калі мы расказваем дзецям казкі, важна не проста вучыць іх сачыць за ланцужком падзей, за сюжэтам, але і ствараць умовы для развіцця такіх пазнавальных працэсаў, як успрыманне, памяць, мысленне, мова, уяўленне. Менавіта эмацыянальнасць і здольнасць да пераймання, атаясамліванне сябе з казачнымі героямі робяць дзяцей даверлівымі, “даступнымі” для педагагічнага ўздзеяння.