У працэсе прывыкання дзіцяці да ўмоў дзіцячага сада пашыраецца змест і ўменне кантактаваць. Перыяд прывыкання доўжыцца прыкладна ў межах трох этапаў:
1 этап - патрэба ў кантактаванні з блізкімі дарослымі, як патрэба ў атрыманні ад іх ласкі, увагі і звестак пра навакольнае.
2 этап - патрэба ў кантактаванні з дарослымі, як патрэба ў супрацоўніцтве і атрыманні ад іх звестак пра навакольнае.
3 этап - патрэба ў кантактаванні з дарослымі на пазнавальныя тэмы і патрэба ў актыўных самастойных дзеяннях.
Дзеці першай групы павінны прайсці ўсе тры этапы. Іх патрэбу на 1 этапе прывыкання ў ласцы, увазе, іх просьбу ўзяць на рукі цяжка задаволіць ва ўмовах групы. Таму адаптацыя такіх дзяцей адбываецца працяглы час, з ускладненнямі (ад 20 дзён да 2-3 месяцаў). Задача выхавальніка дашкольнай адукацыі – стварыць умовы, каб падвесці дзіця да 2 этапу. З пераходам на 2 этап для дзіцяці больш характэрнай стане патрэба ў супрацоўніцтве з дарослымі і ў атрыманні ад іх звестак пра навакольнае. Працягласць гэтага этапу таксама залежыць ад таго, наколькі поўна і своечасова будзе задаволена гэтая патрэба. 3 этап прывыкання дзяцей характарызуецца тым, што кантактаванне набывае ініцыятыўны характар. Дзіця ўвесь час звяртаецца да дарослага, самастойна выбірае цацкі, гуляецца з імі. На гэтым этапе перыяд адаптацыі дзіцяці да ўмоў грамадскага выхавання заканчваецца.
Дзеці другой групы праходзяць два этапы ў працэсе прывыкання (ад 7 да 10-20 дзён). А для дзяцей трэцяй групы, якія з першых дзён адчуваюць патрэбу ў актыўных самастойных дзеяннях і ў кантактаванні з дарослымі на пазнаваўчыя тэмы, - канчатковы этап і ёсць першы, таму яны прывыкаюць хутчэй за іншых (ад 2-3 да 7-10 дзён).
Што рабіць, каб адаптацыя прайшла лёгка?
Ваша дзіця ўпершыню пачало хадзіць у дзіцячы сад. Для таго, каб яно хутка і лёгка адаптавалася да новага ладу жыцця і адчувала сябе ўпэўнена ды камфортна, патрабуецца ваша супрацоўніцтва з педагогамі і адміністрацыяй дашкольнай установы.
У дзіцячым садзе дзіцяці прыйдзецца прывыкаць: да новых дарослых людзей, якія будуць пра яго клапаціцца; да новых сітуацый, памяшканняў, цацак, мэблі; да сваіх аднагодкаў; да новай ежы і ўмоў харчавання; да новых умоў сну. Дзіцяці будзе прасцей прывыкнуць да ўсяго паступова.
У адаптацыйны перыяд дома трэба ставіцца да малечы больш памяркоўна і ўважліва. Калі штосьці хвалюе вас у сувязі з дзіцячым садам, не абмяркоўвайце гэтага пры дзіцяці, але абавязкова падзяліцеся сваімі хваляваннямі з супрацоўнікамі нашай установы. Просім вас расказаць выхавальніку пра дзіця як мага больш, усё, што лічыце важным. Мы гатовыя прыслухацца да ўсіх вашых пажаданняў.
Магчыма, для папярэдняга знаёмства з установаю мае сэнс наведваць групу кароткачасовага знаходжання.