Навучаць дзіця стасункам з грашыма – такая ж неабходная рэч, як вучыць яго чытаць або пісаць. Фінансавая адукацыя не менш за звычайную можа паўплываць на развіццё чалавека і яго дасягненні ў жыцці. Але ці ёсць спосаб давесці да дзяцей усё пра такую сухую і дарослую тэму, як грошы, простай мовай? Вядома ёсць, і менавіта таму сёння мы публікуем наш топ цікавых дзіцячых кніг і мультфільмаў пра грошы. Можна разбіраць іх разам з дзецьмі, даваць знаёміцца самастойна, а часам будзе карысна паглядзець і самім дарослым.
Кнігі
Выдадзеная дзіцячая беларускамоўная кніга “Грошык і таямнічы кошык. Азбука фінансавай граматнасці". Яе аўтар — пісьменнік Уладзімір Ліпскі. Гэта сумесны праект Беларусбанка і дзіцячага часопіса "Вясёлка".
Аповесць-казка Ліпскага на працягу двух гадоў друкавалася ў часопісе "Вясёлка". Яе герой — Грошык, ён знаёміць дзяцей са сваімі прыгодамі ў Краіне грошай. Там праводзяцца займальныя фінансавыя ўрокі, складаецца грашовая энцыклапедыя. Грошык дапамагае маленькім чытачам разабрацца ў складаных фінансавых пытаннях (напрыклад, што такое сямейны бюджэт, бізнес, банкаўская картка).
“Чароўны банкамат”
Аўтары: Таццяна Папова, Настасся Булаўкіна
Гэтая кніга падыйдзе для ўзросту 5-8 год. Па сюжэце двое блізнятак Каця і Сярожа на дзень народзінаў атрымліваюць у падарунак чароўны банкамат ад сваёй цёткі, якая працуе ў банку. Гэты банкамат пераносіць герояў на такі ж чароўны востраў, дзе яны трапляюць у розныя прыгоды, вырашаюць задачы і даведваюцца, як правільна карыстацца грашыма. Перад пачаткам кожнай главы аўтары даюць для бацькоў каментары аб тым, што чакае дзяцей у гэтай частцы і якім чынам іх варта да гэтага падрыхтаваць. Кніга спалучае ў сабе захапляльную гісторыю для маленькіх чытачоў і гайд для бацькоў па знаёмстве дзяцей з фінансамі.
“Сабака, якога завуць Мані, або азбука грошай”
Аўтар: Бодо Шэфер
Гэта таксама прыгодніцкая гісторыя пра дзяўчынку Кіру, яе сяброў і сабаку Мані, які ўмее размаўляць. Галоўная мэта рабят у кнізе – разбагацець, і яны шукаюць усе шляхі да гэтага, а лабрадор Мані – гэткі своеасаблівы мысляр – дае дзецям парады.У кнізе паслядоўна расказваецца аб тым, як зарабляць, зберагаць і памнажаць грошы на прыкладах прыгод нашых герояў. Дзеці ў кнізе вучацца разумнаму размеркаванню грошай і таму, як дасягаць сваёй мэты. У тэксце раскрываюцца не толькі тэхнічныя, але і маральныя пытанні накшталт таго, як варта ставіцца да грошай, як не даць ім закружыць вам галаву і разбурыць стасункі.
“Твае грошы”
Аўтары: Джэры Бэйлі, Феліцыя Ло
Гэтая кніга адрозніваецца ад папярэдніх тым, што не агортвае фінансавую адукацыю у фармат казкі, аднак і сумным аповед ад гэтага не робіць. Аўтары распавядаюць гісторыю з’яўлення і эвалюцыі грошай ад першабытнасці і да нашых дзён. Таксама кніга расказвае дзецям аб тым, як зарабляць, не браць пазык, планаваць бюджэт і нават распачаць уласны бізнес. Усё гэта падаецца чытачу ў сяброўскай манеры і без павучальнага тону. На старонках ёсць вялікая колькасць ілюстрацый і цікавых гісторый-прыкладаў. Па-сутнасці, гэта падручнік, але не сухі школьны, а цікавы жыццёвы. Кніга падыйдзе вучням сярэдняй школы – з 5 па 9 класы.
“Дзіўныя прыгоды ў краіне Эканоміка”
Аўтар: Ігар Ліпсіц
На прыкладзе казачнай краіны Эканоміка і яе жыхароў аўтар – доктар эканамічных навук – разбірае для дзяцей, як працуюць фінансы, тлумачыць такія рэчы, як кошты і вызначэнне іх памеру, беднасць адных людзей і багацце іншых, інфляцыю і прычыны яе паходжання, курсы валют і нават уплыў эканомікі на гістарычныя падзеі. І гэта толькі маленькае кола тэм. Выдатна падыйдзе дзіцяці, калі вы заўважаеце, што яму цікава паглыбляцца ў тэму фінансаў і даведвацца пра яе больш. Кніга напісана з разлікам на ўспрыняцце дзецьмі ў сярэдняй школе, аднак можа быць вельмі карыснай і дарослым.
Мультфільмы
“Скрудж МакДак і грошы”
Тут усё проста – гэта дыснэеўская класіка, на якой вырасла не адно пакаленне. Наўрад ці хтосці не ведае пра мультсэрыял “Качыныя гісторыі”, аднак не ўсе могуць памятаць, што ў ім ёсць цэлая сэрыя, прысвечаная фінансавай адукацыі ад самога Скруджа МакДака. За 15 хвілін анімаванага мюзікла дзіцё зможа даведацца пра ўсё – ад старажытнага паходжання грошай і да сучасных спосабаў іх інвеставаць. Вядома, фармат не прадугледжвае ўсеабдымную адукацыю, аднак гэты мультфільм адназначна зможа закласці дзіцяці першае разуменне аб грошах і аб тым, як варта імі карыстацца.
“Фіксікі – грошы”
Фіксікі – адзін з самых папулярных і любімых дзіцячых мультсэрыялаў сучаснасці. У сваіх звычайных амплуа персанажы – Фіксікі – расказваюць дзецям пра працу розных механізмаў і рамантуюць усё, што зламалася, але ў адной з сэрыяў раскрываюць і тэму грошай, прыбягаючы да іх у сваёй працы. Нядоўгі ролік закранае самыя базавыя асновы фінансавай пісьменнасці і выдатна канцэнтруе ўвагу на маральным боку выкарыстання грошай. Адсюль вашыя дзеці дакладна даведаюцца, што якімі б важнымі для нас фінансы не былі, яны ніколі не змогуць замяніць сяброўства. Мяркуем, гэта менавіта той ролік, з якога варта пачынаць.
“Смяшарыкі – азбука фінансавай граматнасці”
Яшчэ адзін папулярны сучасны мультсэрыял для дзяцей. Аўтары гэтага праекта вырашылі, што фінансавая адукацыя павінна быць якаснай з самага дзяцінства, і падрыхтавалі цэлую стужку ролікаў пра грошы для сваіх гледачоў. У вельмі даходлівай форме і на зразумелых прыкладах дзеці змогуць даведацца ад Смяшарыкаў аб тым, адкуль узніклі грошы, як іх зарабляць, збіраць, планаваць выдаткі, інвеставаць і рабіць шмат іншых рэчаў. У падборцы гэтых гісторыяў нам распавядаюць нават пра такія інструменты як страхаванне і крэдыты. Сапраўды ўражвае, наколькі складаныя тэмы і наколькі проста змаглі раскрыць аўтары усяго за 30 хвілін. Выключна раім да прагляду з пазнакай “поўны курс эканомікі для дашкольнікаў”. Гарантуем – цікава будзе нават многім дарослым.
Імкненне да ведаў прымушае наш свет рухацца наперад, таму абавязкова трэба спаталяць гэтую прагу ў нашых дзяцей. Толькі тады яны вырастуць лепшымі і разумнейшымі за нас. Фінансавыя веды, закладзеныя з самага маленства, дапамогуць ім рэалізаваць сябе ў жыцці.
Падрыхтавала
выхавальнік дашкольнай адукацыі
Муліца В.С.