Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

ГУЛЯЕМ РАЗАМ. БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ РУХОМЫЯ ГУЛЬНІ

Дата: 24 апреля 2022 в 19:47, Обновлено 24 апреля 2022 в 19:55

Беларускія народныя гульні – адзін з самых старажытных і арыгінальных сродкаў выхавання. Яны прыйшлі да нас з глыбінь стагоддзяў, перадаюцца з пакалення ў пакаленне і цесна звязаны з навакольным асяроддзем, бытам і працоўнай дзейнасцю людзей, раскрываюць характар, звычкі і традыцыі беларусаў.

Як правіл а, беларускія народныя гульні – рухомыя, таму садзейнічаюць правільнаму фізічнаму развіццю, умацаванню здароўя, развіццю сілы, спрытнасці, назіральнасці, кемлівасці, удумлівасці, вытрымцы, пачуцця калектывізму, клопату пра іншых, любові да роднага краю, выхаванню пачуцця справядлівасці.

Больш эфектыўнаму комплекснаму рашэнню аздараўленчых, адукацыйных і выхаваўчых задач спрыяе атмасфера радасці, якая ўзнікае пры правядзенні рухомых гульняў. Актыўныя рухі, абумоўленыя зместам гульні, выклікаюць у дзяцей станоўчыя эмоцыі і павялічваюць фізічныя працэсы. Важную ролю ў набыцці дзіцём жыццёвага вопыту адыгрываюць паяўляючыся ў рухомых гульнях фізічныя якасці: хуткасць рэакцыі, спрытнасць, вакамер, раўнавага, навыкі арыентацыі ў прасторы.

Большасць беларускіх рухомых гульняў патрабуюць шмат фізічнай энергіі, спрытнасці, кемлівасці, у выніку чаго дзеці атрымліваюць добрую фізічную нагрузку, загартоўку. Вясковыя дзеці ўжо ў падлеткавым узросце былі фізічна моцнымі і вынослівымі і маглі выконваць працу ў полі і па гаспадарцы, якая патрабавала шмат сіл.

Раней усе народныя гульні праводзіліся на вуліцы. І зараз яны не патрабуюць спецыяльных умоў і абсталявання. Гэта забяспечвае іх арганізацыю на свежым паветры, прычым сезоннасць беларускіх гульняў дазваляе праводзіць іх на працягу ўсяго года. Тлумачэнне правілаў гульні павінна быць кароткім, зразумелым, эмацыянальным, цікавым. Выбар гульні залежыць ад педагагічнай задачы, стану здароўя, падрыхтоўкі дзяцей.

Алгарытм правядзення гульні наступны:

- педагог расказвае змест гульні, паказвае, як трэба выконваць тыя ці іншыя дзеянні, пры дапамозе пытанняў паўтарае з дзецьмі правілы, каб пераканацца, што ўсе зразумелі. Для малых дзяцей няма папярэдняга тлумачэння гульні. Яно вядзецца паэтапна, у ходзе гульнявых дзеянняў. У сярэдняй і старэйшай групах папярэдняе тлумачэнне адбываецца з улікам узроставых псіхалагічных магчымасцей дзяцей. Гэта вучыць іх планаваць свае дзеянні. Вельмі важнай з’яўляецца паслядоўнасць тлумачэння:

- назва гульні і яе задумы;

- кароткі змест;

- правілы;

- напамін рухаў (пры неабходнасці);

- вызначэнне роляў;

- размеркаванне атрыбутаў;

- размеркаванне гуляючых па пляцоўцы;

- пачатак гульнявых дзеянняў.

Калі мы пачнем тлумачэнне гульні з назначэння дзяцей на галоўныя ролі або з раздачы атрыбутаў, спадзе ўвага да інструкцый, пачнецца збой гульнявых дзеянняў.
Калі ў гульні ёсць словы, то спецыяльна развучваць іх не трэба – дзеці запамінаюць іх падчас гульні. Калі яна знаёмая, тады з дапамогай пытанняў удакладняюцца пэўныя моманты.

Вельмі важна, каб у момант гульні дарослы бачыў дзеянне кожнага дзіцяці. Сваім дзейсным удзелам ён падтрымлівае ў дзяцей бадзёры, радасны настрой, заахвочвае праяўленне рашучасці, знаходлівасці, смеласці, стрымлівае празмерна актыўных дзяцей, падбадзёрвае тых, хто адстае, папярэджвае магчымыя выпадкі нядобразычлівасці. Для стымуляцыі гульні педагог можа прыняць у ёй удзел як звычайны гулец, строга выконваючы правілы. У рэдкіх выпадках кіраўнік можа ўзяць на сябе выкананне адказнай ролі і паказаць, як трэба выконваць дзеянні, або калі неабходна надаць гульні жывасць, эмацыянальнасць.
Выкарыстанне беларускіх народных гульняў дапаможа вырасціць дзяцей здаровымі, сумленнымі людзьмі, якія будуць шанаваць народныя традыцыі і імкнуцца глыбока пазнаць спадчыну сваіх продкаў.

Вырашэнню такіх задач садзейнічаюць наступныя варыянты беларускіх народных гульняў.

ГАРАЧАЕ МЕСЦА

Задачы: вучыць дзяцей разумець мэту гульні, кантраляваць свае паводзіны; удасканальваць навык бегу з лоўляй i адхіленнем, развіваць спрытнасць, вынослівасць.

Ход гульні

На зямлi малююць круг - гэта «гарачае месца». З ліку гульцоў выбiраецца водзячы, які становiцца на адлегласцi 1 м ад гарачага месца i ахоўвае яго ад астатніх, калi тыя iмкнуцца туды забегчы. Калі водзячы запляміць каго-небудзь з гульцоў, той становіцца яго памочнiкам, i яны разам ловяць астатніх. З павелічэннем колькасці памочнiкаў забягаць у “гарачае месца” становіцца ўсё цяжэй i цяжэй. Хто трапіць туды, можа адпачыць некаторы час. Але затым трэба выбегчы i паспрабаваць зноў забегчы ў “гарачае месца”.

КАШКА

Задачы: вучыць дзяцей хутка дзейнічаць ва ўмовах гульні, знаходзіць вырыянты вырашэння рухальных задач; развiваць спрытнасць, уважлівасць.

Матэрыял: “лыжка” (хустачка, шышка, каменьчык).

Ход гульні

Дзецi выбiраюць водзячага — «кашавара» i становяцца ў круг, тварам да цэнтра. “Кашавар” бяжыць за cпiнaмi дзяцей i непрыкметна падкідвае да ног каго-небудзь «лыжку». Пасля гэтага робіць яшчэ круг, падштурхоўвае гульца, якому падкiнута “лыжка”, i кажа яму: «Кашку вары!». Гулец становiцца ў цэнтр круга i знаходзіцца там да канца гульні. Калі гулец заўважыць падкінутую яму “лыжку”, ён падымае яе i сам становiцца “кашаварам”. Па меры таго, як дзеці ідуць “варыць кашку”, круг звужаецца. Гульня заканчваецца, калі круг утвараюць не больш як чатыры гульцы.

Варыянт гульні: калі гулец заўважыць падкінутую яму “лыжку”, то хапае яе, даганяе “кашавара” i дакранаецца да яго рукой. У такiм выпадку гулец становiцца “кашаварам”.

ДЗЯДУЛЯ-РАЖОК
Задачы: замацоўваць навык бегу з лоўляй i выкрутамi, уменне зразумець мэту гульнi, атрымоўваць станоўчыя вынiкі; выхоўваць смеласць, рашучасць.

Ход гульні:

Дзеці выбіраюць вядучага i называюць яго «Дзядуля- ражок». Ён жыве ў доме, які абазначаны ў баку ад пляцоўкі. Усе iншыя дзецi дзеляцца на дзве групы. Трэба, каб у групе была роўная колькасць ігракоў. Адна група размяшчаецца справа ад дома Дзядулі-ражка, крокаў за пяць, другая — злева, на той жа адлегласці. Гэта iх дамы. Як толькі дзеці размесцяцца ў сваіх дамах, пачынаецца гульня.

Дзядуля-ражок зiрне направа, зiрне налева i запытае:

- Хто мяне баіцца?

А ўсе дзеці яму ў адказ:

- Нiхто!

Пасля адказу яны перабягаюць са свайго дома ў другi. Бягуць i падражнiваюць водзячага:

Дзядуля-ражок, з'еў чужы пiражок!

Дзядуля-ражок выскоквае са свайго дома i ловiць дзяцей. Першы, каго Дзядуля-ражок схопiць, становіцца яго памочнiкам i разам з iм ловiць іншых.

Варыянт гульні: дамы дзяцей размяшчаюцца на большай адлегласці (7-8 крокаў) ад дома Дзядулі-ражка.

У ЗАЙЦА

Задачы: замацоўваць навык бегу з лоўляй i выкрутамі, уменне дзейнiчаць хутка, мэтанакiравана; выхоўваць смеласць, рашучасць.

Ход гульні:

“Дзеці-зайцы” становяцца ў круг. Адзін з хлопчыкаў, больш спрытны - “хорт” Ён становіцца пасярэдзіне круга. Паказваючы на кожнае дзiця пальцам, “хорт” гаворыць словы:

Мурашачка, букашачка, сонца, месяц, дзе ты быў?

- У балоце.

- Што рабiў?

- Траву касіў.

- Куды падзеў?

- Пад калодай.

- Хто ўкраў?

- Хорт!

Пры апошнім слове “дзеці-зайцы” разбягаюцца ў розныя бакі пляцоўкi, “хорт” iх ловiць.

Варыянт гульні: вызначаецца месца, за межы якога дзецi не забягаюць.

ПАКУПНІК I ГАРЛАЧЫК

Задачы: замацоўваць навык хуткага бегу па крузе, развiваць спрыт, увагу; выхоўваць жаданне атрымаць станоўчы вынiк.

Ход гульні:

Дзеці сядзяць у крузе на кукішках. Гэта - “гарлачыкі”. За кругам ходзіць “дзiця-пакупнiк”. Спынiўшыся каля каго-небудзь з дзяцей, ён пытаецца:

- Колькі каштуе гарлачык?

Дзіця адказвае:

- За гарлачык гэты

Дай мне зусім крышку:

Каб нiколi не хварэць –

Маннай кашы лыжку!

Пасля гэтых слоў дзiця -“гарлачык” паднiмаецца i бяжыць па крузе ў адным напрамку, а “пакупнік” –у другім. Кожны iмкнецца заняць свабоднае месца ў крузе. Той, хто спазняецца, становіцца “пакупнiком”.

Варыянт гульнi: дзіця-пакупнік i дзiця-гарлачык бягуць вакол круга па вузкай дарожцы (шырыня 40 см).

ВОЖЫК I МЫШЫ

Задачы: замацоўваць навык хуткага бегу, змяняючы напрамак, развiваць спрыт, вынослівасць, самастойнасць; выхоўваць цiкавасць да слоў беларускай мовы.

Ход гульні:

Па лiчылцы выбiраецца «вожык». Дзецi (у кожнага за поясам стужка-«хвосцік») становяцца ў круг, «вожык» — у цэнтры. Па сiгналу дзецi ідуць управа, вожык — улева. Дзеці гавораць:

- Бяжыць вожык, тупу-туп!

Сам калючы, востры зуб!

Вожык, вожык, ты куды?

Ад якой бяжыш бяды?

Пасля гэтых слоў усе спыняюцца i звяртаюцца да вожыка:

-Вожык ножкамi: туп-туп!

Вожык вочкамi: луп-луп!

Навакол пануе цiш,

Вожык чуе ў лісцях мыш.

(Вожык асцярожна ходзiць, прыслухоўваецца, прынюхваецца)

- Бяжы, бяжы, вожык!

Не шкадуй ты ножак!

Раз, два, тры — хвасты лавi!

Мышы разбягаюцца. Вожык бяжыць за iмi, iмкнучыся выцягнуць як мага болей «хвастоў».

Варыянт гульнi: ролю вожыка выконваюць адначасова некалькi дзяцей.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.