Новости проекта
С Новым годом и Рождеством!
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

ХАРАКТАРЫСТЫКА ФІЗІЧНАГА І ПСІХІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗІЦЯЦІ ЧАЦВЁРТАГА ГОДА ЖЫЦЦЯ

Дата: 22 октября 2018 в 16:35, Обновлено 31 августа 2021 в 19:22

ХАРАКТАРЫСТЫКА ФІЗІЧНАГА І ПСІХІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗІЦЯЦІ  ЧАЦВЁРТАГА ГОДА ЖЫЦЦЯ.

Фізічнае развіццё.  Узрастаюць фізічныя магчымасці выхаванцаў. Да чатырох гадоў рост дзіцяці дасягае 96—107 см, маса цела 14,4—18,9 кг. Працягваецца інтэнсіўнае развіццё структуры і функцый галаўнога мозгу.

Дзеці ў гэтым узросце ўжо маюць значны рухальны вопыт: валодаюць усімі асноўнымі рухамі, умеюць выкарыстоўваць іх у самастойнай дзейнасці ў залежнасці ад абсталявання, умоў; праяўляюць у рухах элементарныя фізічныя якасці (спрытнасць, хуткасць, вынослівасць). Рухі становяцца больш разнастайнымі і каардынаванымі. Дзеці адчуваюць патрэбнасць у руху, поўнае задавальненне якой спрыяе фізічнаму і псіхічнаму развіццю. Пры выкананні рухаў пераважаюць гульнявыя матывы (з задавальненнем падскоквае — як зайчык, лёгка бегае на пальчыках — як мышка, і г. д.). Індывідуальныя адрозненні ў аб’ёме, працягласці, змесце рухальнай дзейнасці значныя.

Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё. Пачынаецца актыўнае пазнанне сацыяльнага свету. Аб’ектамі пільнай увагі выхаванцаў  становіцца  чалавек,  яго  дзейнасць,  паводзіны, адносіны. Развіццё сацыяльнага ўспрымання адбываецца па двух напрамках — успрыманне свету дарослых і ўспрыманне аднагодкаў. Жаданне стаць дарослым, размаўляць, як яны, становіцца рухальнай сілай развіцця дзіцяці. Яно імкнецца вылучыць, усвядоміць, затым узнавіць у гульні адносіны, даступныя яго ўспрыманню. У дзіцяці гэтага ўзросту актыўна развіваецца ўяўленне пра сябе як пра члена сям’і, адбываецца ўсведамленне роднасных сувязей і апасродкаваных імі эмацыянальна-маральных адносін. Дзіця радуецца поспехам, удачам блізкіх, праяўляе чуласць да іх перажыванняў, здольна праявіць увагу да іх. Зносіны з дарослым на пачатку чацвёртага года жыцця яшчэ маюць дзелавую матывацыю, але к канцу прасочваецца выразны гульнявы матыў. Узаемадзеянне будуецца на прадметна-гульнявой аснове. Змест адносін вызначаецца ўзаемнымі бытавымі і гульнявымі інтарэсамі пры вядучай ролі дарослага на пачатку чацвёртага года жыцця з паступовай актывізацыяй гульнявой пазіцыі дзіцяці к канцу года. Адзначаецца асаблівая адчувальнасць выхаванцаў да тону, настрою і адносін да сябе з боку акружаючых.

На чацвёртым годзе жыцця дзіця адкрывае для сябе равесніка як партнёра, імкнецца да зносін і супрацоўніцтва з ім. Развіццё асобы кожнага дзіцяці мае свае асаблівасці. Адны дзеці самаўпэўненыя, актыўныя — і ў гэтым знаходзіць адлюстраванне іх пазітыўнае «Я»; іншыя сарамлівыя, нерашучыя. Педагог дапамагае выхаванцу ўбачыць яго ўласныя добрыя якасці, быць прызнаным сярод аднагодкаў, навучыцца сябраваць. Камунікатыўная дзейнасць адрозніваецца актыўнасцю і імкненнем дзейнічаць не толькі «побач», але «разам» з аднагодкам. Пры гэтым выхаванцы выкарыстоўваюць амаль у роўнай ступені як немаўленчыя (экспрэсіўна-жэставыя, мімічныя), так і маўленчыя сродкі.

У выхаванцаў развіваецца не толькі «Я-актуальнае», але і дынамічнае  «Я»:  яны  здольны  ўявіць сябе ў мінулым ці ў будучым. На падставе ўяўленняў пра свае «Я» шляхам ацэнак педагогаў, равеснікаў, блізкіх, падчас актыўнай дзейнасці, зносін фарміруецца самаацэнка дашкольніка. Спачатку — агульная, пазней усё выразней праяўляецца здольнасць да ўсвядомленай, дыферэнцыраванай ацэнкі сваіх дасягненняў у пэўных відах дзейнасці  (добра малюю, добра спяваю і танцую). З развіццём самаацэнкі дзіцяці цесна звязана пачуццё сораму і гонару. Аднак зараз дзіця ганарыцца не толькі і не столькі наяўнасцю самога ўмення, дасягнення, колькі яго якасцю (добра малюю машынку, хутка бегаю і г. д.).

З’яўляецца ролевая гульня. У гульні дзіця будуе гульнявыя ланцужкі, перадаючы паслядоўнасць блізкіх яго бытавому вопыту дзеянняў, бярэ на сябе ролі, але не абазначае іх, падпарадкоўваючы ім свае паводзіны. Ускладняецца сюжэт і змест гульняў. Самі гульні набываюць больш устойлівы характар, павялічваецца колькасць іх удзельнікаў. Паступова дзіця авалодвае спосабам замяшчэння: нараўне з рэальнымі прадметамі выкарыстоўвае прадметы-замяшчальнікі. Сумесныя гульні пачынаюць пераважаць над індывідуальнымі і гульнямі побач. Аднак  дастатковай  узгодненасці  паміж удзельнікамі такой гульні яшчэ няма і працягласць яе невялікая. Падчас гульнявога ўзаемадзеяння выхаванцы паступова авалодваюць камунікатыўнымі ўменнямі, спосабамі славеснай рэгуляцыі дзеянняў. Сярод важных відаў дзейнасці, якімі авалодваюць выхаванцы чацвёртага года жыцця, вылучаюцца выяўленчая, музычная, мастацка-маўленчая. Высокая эмацыянальнасць, адчувальнасць, рэактыўнасць, пераважна вобразнае мысленне дзяцей гэтага ўзросту спрыяюць іх паспяховаму развіццю.

Пачынаюць фарміравацца перадумовы працоўнай дзейнасці. Узрастаюць магчымасці дзяцей у авалоданні навыкамі самаабслугоўвання, яны ўключаюцца ў бытавую дзейнасць дарослых, працу ў прыродзе, асвойваюць спосабы дзеянняў з прадметамі-прыладамі (пачынаюць карыстацца лапаткай, малаточкам і г. д.), набываюць элементарныя працоўныя ўменні і навыкі. Нягледзячы на ўзрастаючую самастойнасць дзяцей, роля дарослага ў іх жыцці вельмі вялікая. Асноўныя матывы да зносін з дарослымі ў дзяцей пачынаюць пераходзіць са сферы чыста практычнай (сумеснага выканання дзеянняў) у сферу пазнавальную: дарослы пачынае выступаць як крыніца разнастайных звестак пра навакольны свет.

Пазнавальнае развіццё. Чацвёрты год жыцця мае важнае значэнне для развіцця пачуццёвых форм пазнання. У структуры дзіцячага ўспрымання адбываюцца істотныя змяненні. У розных відах дзейнасці ствараюцца ўмовы для актыўнага сенсорнага развіцця выхаванцаў. Ад апрадмечвання і перадэталону (авал як агурок) яны пераходзяць да авалодання сенсорнымі эталонамі, і іх колькасць узрастае. Удасканальваюцца і даследчыя перцэптыўныя дзеянні, якія спрыяюць фарміраванню нагляднага вобраза пры ўспрыманні прадметаў. Назапашванне багатага сенсорнага вопыту выхаванцаў з’яўляецца важнай умовай развіцця вобразных форм псіхічнай дзейнасці — вобразнай памяці, наглядна-вобразнага мыслення, фантазіі.

Удасканальваецца прадметнае ўспрыманне, яно становіцца аналізуючымым, свядомым, прадуктыўным. У працэсе ўспрымання знешніх прымет (формы, памеру, колеру, размяшчэння) у дзіцяці фарміруюцца ўяўленні пра ўнутраныя ўласцівасці прадметаў. Яно пазнае прадметы па пэўнай прымеце, аб’ядноўвае іх у групы з апорай на самастойна выдзеленую прымету.

Фарміруюцца арыенціровачна-даследчыя дзеянні, якімі дзіця карыстаецца пры выкананні практычных задач, актыўна выкарыстоўваюцца прыёмы пошукавай спробы, практычнага прымервання, зрокавага суаднясення. Дзіця працягвае знаёміцца з функцыянальнымі, унутранымі ўласцівасцямі аб’ектаў у прадметнай дзейнасці (пазнавальныя ўстаноўкі «Што з ім рабіць?», «Што ён робіць?»), што дазваляе яму ўстанаўліваць спачатку самыя простыя, а потым больш складаныя сувязі і залежнасці (прычынныя, рода-відавыя, частка—цэлае і інш.). Удасканальваюцца дзеянні з прыладамі, дзеянні эксперыментавання. Разам з наглядна-дзейсным развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, аснову якога складаюць не рэальныя аб’екты, а ўяўленні пра іх.

У  дзяцей  пачынае  праяўляцца  фантазія.  Дзіця  пачынае вылучаць выдуманае і адрозніваць яго ад рэальнага.

У дзейнасці выхаванцаў узнікае адвольная ўвага, здольнасць сканцэнтравацца і ўтрымліваць яе досыць доўга, калі аб’ект ім цікавы. Адвольнасць, якая ўзнікла, істотна мяняе паводзіны дзіцяці. Зараз яно здольна спецыяльна запамінаць і ў патрэбны момант прыпомніць правілы і змяніць у адпаведнасці з імі свае паводзіны. Дзіця здольна ўважліва разглядаць штосьці не толькі таму, што яму цікава, але і для таго, кааб параўнаць прадметы, адкрыць у іх новае.

Маўленчае развіццё. Актыўны і пасіўны слоўнікавы запас значна павялічваецца, узбагачаецца словамі абагульняючага характару, дзеясловамі, назвамі прадметаў, іх уласцівасцей і адносін. Дзіця паступова авалодвае спосабамі словазмянення і словаўтварэння. Пачынаецца перыяд актыўнай словатворчасці: дзіця прыдумвае розныя формы ад ужо існуючых у яго лексічным  запасе  слоў.  Удасканальваецца  гукавы  бок  маўлення. Аднак у многіх дзяцей яшчэ маецца парушэнне гукавымаўлення (груп свісцячых, шыпячых, санорных, афрыкат). Дзіця актыўна пачынае ўстанаўліваць і разумець элементарныя прычынна-выніковыя, часавыя сувязі паміж прадметамі і з’явамі. У некалькіх сказах яно здольна перадаць змест ўласных уражанняў ад гульні, прагулкі і інш. Апавяданні з асабістага вопыту сведчаць пра ўсведамленне дзіцём уласнага вопыту, наяўнасці вобразаў-уяўленняў. Вялікае значэнне набывае пазнавальная функцыя маўлення — у зносінах з дарослым і аднагодкамі дзіця задае шмат пытанняў. Узнікаюць розныя віды слоўнай рэгуляцыі. У маўленні дзяцей пераважаюць выказванні, у якіх фіксуецца змест выкананага дзеяння. Маўленне становіцца часткай самога дзеяння — дзіця дзейнічае і адначасова гаворыць, паведамляе пра змест наступнага дзеяння (цяпер пастаўлю кубак і г. д.).

Эстэтычнае развіццё. У выяўленчай дзейнасці і канструяванні дзеці пераходзяць да наўмыснага адлюстравання прадметаў, хоць спосабы яго рэалізацыі яшчэ не дасканалыя. Чацвёрты год жыцця — час станаўлення прадметнага малюнка, выяўленчых рухаў, дзеянняў з уяўнымі аб’ектамі, у аснове чаго ляжыць здольнасць да ўяўлення. У маляванні магчымасці дзіцяці пачынаюць вызначацца графічнымі вобразамі-ўяўленнямі пра тое, як прадмет, які адлюстроўваецца, павінен выглядаць на паперы. Паступова колькасць графічных вобразаў узрастае, пашыраецца дыяпазон адлюстраваных дзіцём прадметаў.

Выхаванцы праяўляюць эмацыянальную чуласць да музыкі. Яны адрозніваюць кантрасны настрой музыкі, пазнаюць знаёмыя творы, называюць іх. Адрозніваюць гукі па вышыні, тэмбры музычных інструментаў. Дзеці добра падладжваюцца да голасу педагога, пачынаюць спяваць працягла. У выхаванцаў павялічваецца ўспрымальнасць да мастацкіх твораў, да некаторых элементаў мастацкай формы (рытму, рыфмы). Удасканальваюцца здольнасці да ўспрымання і паўтарэння маўленчага матэрыялу, у тым ліку на беларускай мове. Дзеці адрозніваюць паэтычны і празаічны тэксты, у іх расце цікавасць да слухання казак і вершаў, узмацняецца імкненне пераймаць маўленчыя інтанацыі дарослых. Развіваюцца і эстэтычныя пачуцці выхаванцаў. Яны супе ражываюць героям любімых казак, неабыякавыя да музыкі, фарбаў прыроды, кніжнай графікі, выкарыстоўваюць колер як сродак перадачы сваіх адносін да людзей, прадметаў навакольнага свету ў малюнках, аплікацыі. У працэсе дзейнасці і зносін з акружаючымі дзіця здольна праявіць не толькі сімпатыю (антыпатыю), але і пачуццё таварыства, сяброўства. Яно жыве пераважна ў свеце пачуццяў і эмоцый. І не толькі станоўчыя эмоцыі валодаюць ім. Заклапочанасць могуць выклікаць такія эмацыянальныя праяўленні, як канфліктнасць, дэпрэсія, трывога, пачуццё непаўнацэннасці, агрэсіўнасць. Наогул жа дашкольнікам гэтага ўзросту ўласцівы пазітыўныя эмоцыі, высокая заражальнасць эмацыянальным станам іншых дзяцей, дарослых.

Комментарии:
Комментариев пока нет.
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.