Новости проекта
Разъяснение ситуации с рекламой и предупреждением МАРТ
Обновленные функции Schools.by
Голосование
Пользуетесь ли вы мобильным приложением Schools.by?
Всего 0 человек

ХАРАКТАРЫСТЫКА ФІЗІЧНАГА І ПСІХІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗІЦЯЦІ ТРЭЦЯГАГА ГОДА ЖЫЦЦЯ

Дата: 22 октября 2018 в 15:07, Обновлено 2 сентября 2020 в 15:38

ХАРАКТАРЫСТЫКА ФІЗІЧНАГА І ПСІХІЧНАГА РАЗВІЦЦЯ ДЗІЦЯЦІ

ТРЭЦЯГА ГОДА ЖЫЦЦЯ.

Фізічнае развіццё. Фізічнае развіццё працягваецца ў інтэнсіўным  тэмпе.  К  тром  гадам  маса  цела  дзіцяці  складае  ад 13,1 да 16,9 кг, рост — 91—99 см. Дзіця становіцца больш самастойным, рухі яго больш каардынаванымі.

Характэрнай асаблівасцю гэтага ўзросту з’яўляецца патрэбнасць у разнастайных рухах, цікавасць і жаданне выхаванцаў іх выконваць. Фізічныя нагрузкі неабходны ім для паўнацэннага развіцця ўсіх сістэм і функцый, пачуццёвага пазнання навакольнага свету. Аднак параметры развіцця выхаванцаў, якасная характарыстыка і тэмп авалодання імі рознымі відамі рухаў (хадзьбой, бегам, скачкамі, лажаннем, кіданнем) індывідуальныя. Важным для здароўя дзіцяці з’яўляюцца гарманічныя суадносіны паказчыкаў фізічнага развіцця: росту, вагі, акружнасці грудзей, рухальнай актыўнасці.

Сацыяльна-маральнае і асобаснае развіццё. У гэтым узросце адбываецца істотны пералом у адносінах з акружаючымі, абумоўлены ростам актыўнай дзейнасці выхаванца, які мае ўласныя жаданні і намеры, што могуць не супадаць з намерамі дарослага. Гэта праяўляецца ва ўзнікненні імкнення да самастойнасці, з аднаго боку, жаданнем быць падобным на дарослага і пераймаць яго, з другога боку. Змяняецца сацыяльная пазіцыя дзіцяці ў адносінах да аўтарытэту маці, бацькі, іншых членаў сям’і. У гэтым узросце дзіця вельмі адчувальнае да дзеянняў людзей, што яго акружаюць. Яно дапытліва ўслухоўваецца ў дыялог дарослых, пераводзіць позірк з аднаго на другога. Дзіцяці цікавыя іх разважанні. Яно не толькі сочыць за гутаркай бацькоў, але і спрабуе зразумець логіку іх слоў і дзеянняў.

Дзіця імкнецца быць адносна незалежным, жадае многае рабіць само (апрануцца, распрануцца, есці), адмаўляецца ад дапамогі дарослых. Калі дарослыя не ўлічваюць яго патрэбнасці, праяўляюць залішнюю апеку, стрымліваюць ініцыятыву, то гэта можа прывесці да ўзнікнення ўпартасці, негатывізму, жадання рабіць усё насуперак патрабаванням дарослага.

На трэцім годзе жыцця ў выхаванца зараджаюцца пачуцці самалюбства, гонару за добра выкананае даручэнне, жаданне паказаць сябе годным і ўмелым у вачах дарослага. Уласныя дасягненні  павінны  быць  прадэманстраваны  даросламу,  без пахвалы якога яны не з’яўляюцца для дзіцяці асабліва значнымі.  Дарослыя,  якія  ўмела  рэгулююць  свае  абмежаванні, патрабаванні, заахвочваюць самастойнасць, гэтымі дзеяннямі дапамагаюць гарманічнаму станаўленню асобы выхаванца.

У дзіцяці ўзнікае патрэбнасць ў зносінах з аднагодкамі, аднак узаемадзеянне іх непрацяглае і ўзнікае эпізадычна: спачатку ў працэсе сумесных прадметна-гульнявых дзеянняў, затым — гульнявых. Узнікаюць першыя сімпатыі: дзіця часцей гуляе з адным і тым жа аднагодкам, заўважае, калі таго няма ў групе. Вучыцца параўноўваць свае ўчынкі, уменні з уменнямі і ўчынкамі іншых дзяцей. З’яўляюцца элементы самаацэнкі. У  самаацэнцы  дзіцяці  адлюстроўваюцца  пачуцці  годнасці і сораму, якія яшчэ толькі зараджаюцца. У гэты перыяд дзіця адчувае і задавальняе сваё самалюбства пераважна дзеяннямі, якія прыцягваюць да яго ўвагу іншых.

У гэты перыяд жыцця вялікае значэнне набывае задавальненне патрэбнасцей дзіцяці ў пазнанні, авалоданні рознымі відамі дзейнасці: гульнявой, працоўнай, мастацкай і інш. Дзейнасць дзіцяці ўскладняецца, набывае мэтанакіраваны характар, выніковасць. Фарміруецца сюжэтна-адлюстравальная гульня, у якой дзеці адлюстроўваюць уражанні, атрыманыя ў паўсядзённым  жыцці. Дзіця па-ранейшаму эмацыянальнае, адчувальнае да пахвалы і неадабрэння дарослага, яно вельмі прывязана да блізкіх, але праяўляе цікавасць да чужых, калі яны выклікаюць у яго сімпатыю. Імпульсіўныя паводзіны ў канцы ранняга ўзросту саступаюць месца паводзінам новага тыпу, у якіх праяўляецца першаснае ўменне падпарадкоўваць свае жаданні неабходнасці (засваенне паняццяў «можна», «трэба», «нельга»). Дзіця пачынае кантраляваць свае і чужыя ўчынкі (зразумела, яго магчымасці тут пакуль што вельмі абмежаваныя). На трэцім годзе жыцця дзіця ганарыцца сваімі добрымі якасцямі: паслухмянасцю, акуратнасцю, новымі цацкамі, уменнем самастойна апранацца, «чытаць» вершы, вымаўляць «цяжкія» гукі, танцаваць. Розныя пачуцці выклікаюць у яго не толькі людзі, але і цацкі, жывая прырода.

Пазнавальнае развіццё. Працягваецца сенсорнае развіццё дзіцяці: дзіця знаёміцца з формай, велічынёй, колерам, масай прадметаў, іх прыметамі, суадносіць уласцівасці адных прадметаў з уласцівасцямі іншых, вызначае ў іх агульнае. У працэсе дзеяння з прадметамі яно ўлічвае іх прыметы, размяшчэнне ў прасторы. Паступова фарміруецца ўменне параўноўваць назіраемыя прадметы і з’явы, устанаўліваць простыя сувязі паміж  імі.  Выхаванцы  разумеюць  і  паступова  абазначаюць словам уласцівасці і якасці прадметаў, авалодваюць уменнем абагульняць, рашаць наглядна-практычныя задачы.

Увага выхаванцаў яшчэ няўстойлівая. Паступовае засяроджванне ўвагі на дзейнасці, якой яны займаюцца, становіцца больш працяглым. Удасканальваюцца працэсы запамінання і ўзнаўлення, з развіццём маўлення ўспаміны могуць быць выкліканы ўжо з дапамогай слова.

Значна ўдасканальваецца памяць. Трэці год жыцця — перыяд інтэнсіўнага развіцця ўяўлення, асабліва ў другой палавіне года (2 гады 6 месяцаў — 3 гады). Дзіця можа дзейнічаць ва ўяўнай сітуацыі: напрыклад, паказаць, як бегае ліска, як скача зайчык і г. д. З развіццём уяўлення  цесна  звязана  развіццё  прадуктыўных  відаў  дзейнасці: маляванне (прадукт — малюнак), лепка (прадукт — выраб), канструяванне (прадукт — пабудова), гульня (ролевыя паводзіны).

Маўленчае развіццё. Інтэнсіўна  павялічваецца  актыўны слоўнік, які да трох гадоў складае ў сярэднім 1500 слоў. Дзіця авалодвае  граматычным  ладам  роднай  мовы  —  з’яўляюцца новыя склонавыя канчаткі, будучы час дзеяслова, часцей выкарыстоўваюцца прыметнікі, прыназоўнікі. Авалоданне маўленнем дае выхаванцу магчымасць выкарыстоўваць яго не толькі для абазначэння прадметаў навакольнай рэчаіснасці, але і для выражэння сваіх патрэбнасцей. Пераход ад называння сябе ў трэцяй асобе («Каця спаць») да першай, выкарыстанне асабістага займенніка «Я» азначаюць важны этап у асобасным развіцці дзіцяці — зараджэнне самасвядомасці. Ад сітуатыўнага маўлення выхаванцы пераходзяць да маўлення апісальнага. Выхаванцы пачынаюць задаваць пытанні «што гэта?», «навошта?» і інш., дзеянні суправаджаюць словамі, рэплікамі. Дзіця асвойвае гукавы бок маўлення (у яго працягвае развівацца маўленчае дыханне, слыхавое ўспрыманне, фанематычны слых, фарміруецца правільнае вымаўленне гукаў роднай мовы).

Мастацкае і эстэтычнае развіццё. Змяненні адбываюцца і ў авалоданні маляваннем, лепкай, канструяваннем. Засвоенае дзіцём ранней чырканне алоўкам па паперы пачынае набываць пэўны сэнс. Дзіця пазнае ў каракулях знаёмыя вобразы, спрабуе намаляваць знаёмыя прадметы. З’яўляецца ўласна выяўленчая функцыя малявання. У абрысах ліній, форм, каляровых плямах дзіця пачынае бачыць вобразы, з’явы рэчаіснасці.

Працягваюць фарміравацца розныя віды музычнай дзейнасці. Дзеці зацікаўлена слухаюць і эмацыянальна ўспрымаюць музычныя творы, пераймаюць працяглыя пеўчыя інтанацыі дарослага, гучанне інструмента. Павялічваецца слыхавая адчувальнасць выхаванцаў, якая дазваляе ім адрозніваць гукі па вышыні, тэмбры. Дзеці авалодваюць уменнем рухацца ў адпаведнасці з ярка выражаным характарам музыкі, адзначаючы кантрасныя змяненні, паступова ўзнікае рытмічнасць у рухах пад музыку.

Усё пералічанае падрыхтоўвае дзіця да новага ўзроставага перыяду развіцця — дашкольнага.

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.